Выстава сучаснага чэшскага шкла «Колер святла: Петр Стаха і яго вучні»
23.02.2018 / 13:05 | Aktualizováno: 23.02.2018 / 13:42
28 лютага ў 18.00 у Арт-гасцёўні «Высокае мѣста» адбудзецца адкрыццё выставы сучаснага чэшскага шкла «Колер святла: Петр Стаха і яго вучні». Упершыню Петр Стаха разам са сваімі работамі прадстаўляе творы сваіх выпускнікоў – Матоўша Волака і Дзмітрыя Цыбенка. Работы гэтых майстроў пазнаёмяць наведвальнікаў выстаўкі з новымі тэндэнцыямі, кантэкстамі і формамі, якія адлюстроўваюць мысленне самага маладога пакалення мастакоў шкла Цэнтральнай Еўропы.
Чэшскае шкло – брэнд, які дзесяцігоддзямі на слыху. Тым не менш, такая яркая з'ява сусветнай культуры, як сучаснае мастацкае шкло Чэхіі – практычна невядома ў Беларусі. Выстава «Колер святла: Петр Стаха і яго вучні», што ладзіцца ў Мінску пры падтрымцы Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, павінна запоўніць гэты прабел.
Чэшская літая скульптура са шкла мае цікавую гісторыю і багатыя традыцыі, у фарміраванні якіх значную ролю адыграў сямейны і творчы дуэт Станіслава Лібенскага і Яраславы Брыхтавай. Шліфаваныя масівы літых блокаў, выкананыя імі ў 1940-1960 гг., увайшлі ў гісторыю студыйнай шкловытворчасці.
Сёння традыцыі чэшскай шкляной скульптуры працягвае вядомы мастак – Петр Стаха. У сваіх дзіўных творах ён натхняецца матывамі прыродных формаў і стыхій. Майстра займаюць пошукі каларыстычных нюансаў шкломасы і адточванне эфектаў апрацоўкі паверхняў, дзе сама прырода матэрыялу спрыяе адкрыццю ўсё новых аптычных з’яў.
У 1988-1994 гг. мастак вывучаў дызайн шкла ў Акадэміі мастацтваў, архітэктуры і дызайну ў Празе, пад кіраўніцтвам прафесара Яраслава Свабоды і прафесара Уладзіміра Капецкага. У 2017 годзе споўнілася 10 гадоў выкладчыцкай дзейнасці Петра Стаха ў Сярэдняй мастацка-прамысловай школе шкляной вытворчасці, што знаходзіцца ў горадзе Каменіцкі Шэноў і з’яўляецца адной з самых старых у свеце. У ёй мастак вучыўся сам, а пазней выхаваў новае, маладое пакаленне шкляных майстроў, дызайнераў і мастакоў.
Куратары праекта: Алена Златкавіч і Павел Вайніцкі.
Выстава працягнецца да 1 красавіка 2018 года.
Арт-гасцёўня “Высокае мѣста”:
Адрас: г. Мінск, вул. Герцэна, 2а (уваход з Музычнага завулка)
Час працы: серада - нядзеля, 11.00 - 19.00
Т.: (017) 220 26 57; (017) 321 24 30; www.minskmuseum.by