Перадача копіі статуэткі Пражскага Дзіцятка Езуса беларускім каталіцкім вернікам
04.12.2024 / 08:47 | Aktualizováno: 04.12.2024 / 08:54
1 снежня 2024 года – у першую нядзелю Адвэнту – дыпламаты чэшскага пасольства ў Мінску перадалі прадстаўнікам Каталіцкага Касцёла ў Беларусі копію статуэткі Пражскага Дзіцятка Езуса, арыгінал якой выстаўлены ў касцёле Панны Марыі Пераможнай і святога Антонія Падуанскага ў пражскім раёне Мала Страна.
Ва ўрачыстым мерапрыемстве, якое адбылося пасля заканчэння нядзельнай святой Імшы ў старажытным беларускім горадзе Заслаўе, прынялі ўдзел Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, ксёндз Антоні Клімантовіч, пробашч заслаўскага касцёла Нараджэння Панны Марыі, і шматлікія мясцовыя вернікі. Прадстаўнік чэшскай дыпламатычнай місіі ў Мінску ў сваёй прамове з нагоды гэтай падзеі падзякаваў усім, хто зрабіў перадачу статуэткі магчымай, а таксама сцісла прыгадаў значэнне Пражскага Дзіцятка Езуса, якое застаецца іконай веры, надзеі і любові для безлічы людзей па ўсім свеце і ў той жа час сімвалам каштоўнасцей, для якіх не існуе нацыянальных і дзяржаўных межаў. Перадача статуэткі дэманструе падтрымку культурных сувязяў паміж Чэшскай Рэспублікай і Беларуссю.