Ушанаванне памяці яўрэяў, забітых у Мінскім гета
25.10.2024 / 10:17 | Aktualizováno: 25.10.2024 / 10:23
У сераду 23 кастрычніка 2024 года адбыўся жалобны сход ля мемарыяла “Яма”.
У сераду 23 кастрычніка 2024 года адбыўся жалобны сход ля мемарыяла “Яма”. Цырымонія была прысвечана 81-й гадавіне вынішчэння Мінскага гета. У Мінскім гета было сканцэнтравана каля 80 тысяч яўрэяў з Мінскa
і ваколіц, а таксама прыблізна 25 тысяч яўрэяў, прывезеных з Германіі і іншых еўрапейскіх краін. Яно праіснавала з ліпеня 1941 года да кастрычніка 1943 года, а пасля было цалкам знішчана. Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх арганізацый на гэтым месцы штогод арганізуе цырымонію, прысвечаную памяці пра гета. У цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі пасольстваў і дыпламатычных місій, прадстаўнікі беларускіх яўрэйскіх арганізацый і члены яўрэйскай супольнасці. Кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва Чэхіі ў Мінску спадар Томаш Крыл ушанаваў памяць усіх ахвяр праз ускладанне кветак ля мемарыяла.
У жалобным мерапрыемстве прынялі ўдзел і апошнія з ацалелых вязняў, якія перажылі ў дзіцячым узросце спробу генацыду. Удзельнікі сходу мелі магчымасць пачуць гісторыю адной з тых, што засталіся ў жывых,
якая з цяжарам у сэрцы расказвала, якія жахі перажыла ў свае пяць гадоў. Яна ўспамінала пра страх, які ў ёй абуджаўся, калі яна чула крокі немцаў. Жанчына падкрэсліла, што ў кожным чалавеку ёсць дабрыня і пра гэта нельга забываць. Да гэтых слоў варта прыслухацца і ў сённяшні змрочны час.