
Выстава, прысвечаная жыццёваму шляху выдатнага дзеяча міжваеннай Чэхаславакіі генерала Сяргея Вайцяхоўскага
23.10.2018 / 16:46 | Aktualizováno: 23.10.2018 / 16:50
16 кастрычніка 2018 года ў галоўнай выставачнай зале Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай жыццёваму шляху выдатнага дзеяча міжваеннай Чэхаславакіі генерала Сяргея Вайцяхоўскага, які нарадзіўся ў 1883 годзе ў беларускім Віцебску.
Выстава, падрыхтаваная Аляксандрам Радаевым у супрацоўніцтве з Пасольствам Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, распавядае пра бліскучую кар'еру Сяргея Вайцяхоўскага падчас Першай сусветнай вайны ў шэрагах Рускай імператарскай арміі, яго далучэнне да «белых» падчас Грамадзянскай вайны ў Расіі, а таксама пра далейшы ўдзел у легіянерскім руху і актыўную ролю (па асабістым запрашэнні прэзідэнта Томаша Гарыга Масарыка) ў фарміраванні арміі незалежнай Чэхаславакіі. У выставачных матэрыялах згадана і пра бескампрамісную пазіцыю генерала на працягу ўсяго яго жыцця, якая поўнасцю выявілася падчас Мюнхенска й змовы, калі ён камандаваў Пражскай ваеннай акругай, і наступнага ўдзелу ў антыфашысцкім супраціве, да якога ён далучыўся пасля выхаду ў адстаўку. Згадваецца не толькі трагічны канец неспакойнага жыцця генерала Вайцяхоўскага (яго выкраданне ў траўні 1945 года супрацоўнікамі НКУС, якія адвезлі яго з Прагі ў Маскву, і смерць у сібірскім ГУЛАГу ў 1951 годзе), але і той факт, што ў 1997 годзе прэзыдэнт Чэшскай Рэспублікі Вацлаў Гавэл пасмяротна прысвоіў генералу Сяргею Вайцяхоўскаму Ордэн Белага льва – вышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Чэхіі.
Выставу адкрылі дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый Шляхцін, прызначаны пасол Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Томаш Перніцкі, аўтар выставы Аляксандр Радаеў і ваенна-паветраны аташэ пры Пасольстве Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь падпалкоўнік Любамір Горак.
