
У ЗЛАТАЙ ПРАЗЕ - канцэрт класічнай музыкі да 500-годдзя кнігадрукавання Ф.Скарыны
06.04.2017 / 20:27 | Aktualizováno: 07.04.2017 / 12:52
Запрашаем 13 красавіка 2017 на канцэрт класічнай музыкі “У ЗЛАТАЙ ПРАЗЕ” да 500-годдзя кнігадрукавання Ф.Скарыны ў Празе.
13 красавіка 2017 года ў супрацоўніцтве з Пасольствам Чэшскай Рэспублікі адбудзецца пазачарговы канцэрт Духавога аркестра Беларускай Дзяржаўнай Акадэміі Музыкі пад кіраўніцтвам лаўрэата міжнародных конкурсаў, фагатыста і дырыжора Аляксея Фралова. Абсалютна новая канцэртная праграма з назвай "У ЗЛАТАЙ ПРАЗЕ" уваходзіць у цыкл музычных вечароў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, распачатага Францішкам Скарынам у 1517 годзе ў Празе, і яго перакладу Бібліі на беларускую мову.
Канцэртная праграма Духавога аркестра Беларускай Дзяржаўнай Акадэміі Музыкі прыгадае даўнія чэшска-беларускія сувязі на вышэйшым узроўні ў духоўнай, культурнай, дзяржаўнай і дыпламатычнай сферах, у тым ліку візіт у беларускія гарады Гераніма Пражскага на пачатку XV стагоддзя.
Прагучыць гімн Яна Гуса - сімвал музыкі Рэнесанса і чэшскай Рэфармацыі, музыка з роднай зямлі Францішка Скарыны - фрагменты "Полацкага сшытку" з яго эпохі. Канцэртная праграма не абміне і шэдэўры чэшскага Рамантызму - "Славянскія танцы" Антаніна Дворжака, а яе вянцом будзе велічная "Влтава" з цыклу "Мая Радзіма" Бедржыха Сметаны. Чакаюцца таксама музычныя прэм'еры і артыстычныя сюрпрызы.
Вялікая канцэртная зала Беларускай Дзяржаўнай Акадэміі Музыкі, вул. Інтэрнацыянальная, 30
Пачатак а 19:00. Уваход бясплатны па запрашальных білетах, колькасць абмежавана. Тэлефануйце на нумары: +375 29 102 19 55, +375 33 390 68 91.