
У Бабруйску ўсталююць памятны знак у гонар чэхаславацкіх легіянераў
26.02.2016 / 13:30 | Aktualizováno: 13.04.2016 / 13:49
Урачыстае адкрыццё помніка запланавана на Дзень узброеных сіл Чэшскай Рэспублiкi 30 чэрвеня 2017 года.
24 лютага 2016 г. Пасол Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мілан Экерт і ваенны аташэ Томаш Зіпфэл наведалі з рабочым візітам горад Бабруйск. У рамках візіту адбылася сустрэча з кіраўніцтвам горада дзеля абмеркавання ўстаноўкі памятнага знака ў гонар загінулых чэхаславацкіх легіянераў, батальён якіх размяшчаўся на тэрыторыі Бабруйска з 1916 па 1917 гады.
У ходзе сустрэчы Пасол адзначыў, што для чэшскага боку самае важнае - агучыць прозвішчы ўсіх загінулых для таго, каб іх сваякі маглі прыехаць і ўшанаваць памяць воінаў.
Для размяшчэння памятнага знака было абрана месца на вайсковых могілках на вуліцы Ванцэці. На невялікай стэле, якая будзе выраблена бабруйскімі прадпрыемствамі, выгравіруць 15 імёнаў чэшскіх воінаў і надпіс: «Чэхаславацкім добраахвотнікам, якія загінулі ў Бабруйску і наваколлі з 06.05. па 07.09.1917 года». Выдаткі на выраб помніка ўзяў на сябе чэшскі бок.
Урачыстае адкрыццё помніка запланавана на Дзень узброеных сіл Чэшскай Рэспублiкi 30 чэрвеня 2017 года.