Выстава афіш чэшскага дызайнера Паўла Ногі
09.04.2019 / 16:45 | Aktualizováno: 11.04.2019 / 17:39
4 красавіка 2019 года ў галерэі "Высокае месца» ў гістарычным цэнтры Мінска адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы больш чым 30 афіш чэшскага дызайнера Паўла Ногі, які асабіста прысутнічаў на мерапрыемстве.

На адкрыцці выставы прысутнічалі дырэктар Гарадскога гістарычнага музея Галіна Ладзісава, дырэктар Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа А.К. Глебава Аляксандр Шантаровіч і пасол Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі Томаш Перніцкі, які прадставіў наведвальнікам не толькі мастацкую, але і педагагічную дзейнасць Паўла Ногі, які скончыў мастацка-прамысловы ўніверсітэт у Празе і ўніверсітэт выяўленчага мастацтва ў Браціславе, экспанаваў сваю творчасць ў Мексіцы, на Тайвані, у Аўстрыі, Польшчы і Славакіі, а таксама выкладае ва Універсітэце Томаша Баці ў Зліне і ва Універсітэце Масарыка ў Брно.
Выстава, на якой было прадстаўлена больш за 30 афіш, прысвечаных розным культурным падзеям (музычным фэстам і канцэртам, літаратурным вечарам і мастацкім выставам), выклікала вялікую цікавасць з боку беларускай інтэлектуальнай грамадскасці, студэнтаў мастацкіх школ, а таксама дызайнераў графікі і афіш.
