Заява МЗС Чэшскай Рэспублікі ў сувязі з другой гадавінай выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
09.08.2022 / 13:39 | Aktualizováno: 11.08.2022 / 11:26
У гэтыя дні мы прыгадваем два гады, якія прайшлі ад сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Іх вынікі не былі прызнаны ні Чэхіяй, ні Еўрапейскім Саюзам. Спантанныя мірныя дэманстрацыі, якія праходзілі па ўсёй Беларусі, рэжым А. Лукашэнкі жорстка падавіў. Дзеянні рэжыма, скіраваныя супраць прадстаўнікоў апазіцыі, праваабаронцаў, незалежных журналістаў і СМІ, незалежных прафсаюзаў і юрыстаў з таго часу становяцца ўсё больш моцнымі.
Колькасць палітычных зняволеных за апошні год стала большай удвая і перакрочыла 1250 асоб, якія несправядліва ўтрымліваюцца за кратамі. Умовы іх утрымання і метады допыту пры гэтым часта супярэчаць базавым міжнародным стандартам. Ахвяр свавольства юстыцыі ў сфабрыкаваных працэсах прыгаворваюць да доўгатэрміновага пазбаўлення свабоды; тыя ж, хто сапраўды адказвае за гвалт і парушэнне закону ўласнай краіны, застаюцца без пакарання. Нядаўна прынятыя нормы беларускага заканадаўства да таго ж дазваляюць прызнанне тэрарызмам праяў сабоднай волі, а за палітычныя перакананні ў Беларусі можа пагражаць смяротнае пакаранне. Гэтым метадам, вядомым нам з недалёкага мінулага, няма месца ў сённяшняй Еўропе.
У лютым бягучага года рэжым А. Лукашэнкі стаў саўдзельнікам агрэсіі Расіі супраць Украіны праз прадстаўленне расійскім узброеным сілам сваёй тэрыторыі. Яшчэ да гэтага ён штучна выклікаў міграцыйны крызіс на мяжы ЕС, несумленна выкарыстаўшы лёсы людзей з Сярэдняга Усходу і Афрыкі. Кожным з гэтых крокаў А. Лукашэнка толькі яшчэ пагаршае пазіцыю Беларусі на міжнароднай сцэне.
Чэшская Рэспубліка дапамагае і будзе працягваць дапамагаць усім, хто прыкладае намаганні для дасягнення ў Беларусі міру і дэмакратыі. Чэшская Рэспубліка падтрымлівае санкцыі, прынятыя Саветам ЕС, каб паўплываць на тых, хто адказвае за гвалт, рэпрэсіі, запужванне і актыўны ўдзел Беларусі ў цяперашняй расійскай агрэсіі ва Украіне.
І сёння – гэтак жа, як ужо не аднойчы ў папярэднія гады – МЗС Чэшскай Рэспублікі заклікае беларускую ўладу вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, спыніць рэпрэсіі і пайсці на дыялог з уласнымі грамадзянамі. Беларускае грамадства прагне толькі таго, каб законы ўласнай краіны выконваліся, каб базавыя грамадзянскія правы і свабоды былі рэалізаваны, а таксама – каб у адпаведнасці з міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі былі праведзены сумленныя і свабодныя выбары, праз якія яно зможа свабодна прыняць рашэнне аб будучыні сваёй краіны.
сачыце за намі на