Чэшскае пасольства ў Мінску зладзіла прэзентацыю і дэгустацыю віна з Чэхіі і Маравіі ў гонар дзяржаўнага свята Чэшскай Рэспублікі
26.10.2026 / 13:06 | Aktualizováno: 26.10.2026 / 13:10
16 кастрычніка 2026 года ў будынку Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь адбылася прэзентацыя з дэгустацыяй віна з чэшскіх мараўскіх вінаробняў, прымеркаваная да дзяржаўнага свята Чэшскай Рэспублікі – Дня ўзнікнення незалежнай чэхаславацкай дзяржавы, што адзначаецца кожны год 28 кастрычніка. У дэгустацыі прынялі ўдзел еўрапейскія дыпламаты, якія працуюць у Рэспубліцы Беларусь, і прадстаўнікі дыпламатычных місій, з якімі чэшскае пасольства мае традыцыйна прыязныя стасункі.
Урачыстую вечарыну адкрыў кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва Чэшскай Рэспублікі ў Мінску спадар Томаш Крыл, прыгадаўшы падзеі 1918 года, якія прывялі да ўзнікнення незалежнай Чэхаславацкай Рэспублікі. Чэшскую Рэспубліку, якая ўзнікла 33 гады таму і з’яўляецца пераемніцай традыцый чэшскай і чэхаславацкай дзяржаўнасці, ён прадставіў як краіну з багатай гісторыяй, культурнай спадчынай і маляўнічай прыродай, што стала неад’емнай часткай еўрапейскага прастору.Чэхія напрацягу доўгіх гадоў развівае прыязныя стасункі з дэмакратычнымі краінамі і з’яўляецца надзейным гандлёвым і палітычным партнёрам.
З 2021 года 28 кастрычніка ўключана ў спіс дзяржаўных святаў Славакіі, дзе адзначаецца пад назвай “Дзень узнікнення незалежнай чэшскай і славацкай дзяржавы”.
Цягам вечару госці з дыпламатычнага корпуса мелі магчымасць прадэгуставаць віно з Чэхіі і Маравіі з прафесійным суправаджэннем і каментаром беларускага самелье. Агульную гастранамічную карціну дапаўнялі тыповыя чэшскія пачастункі.
Прэзентацыя віна атрымала вельмі станоўчыя водгукі прысутных. Госці высока ацанілі яго якасць, а таксама магчымасць бліжэй пазнаёміцца з традыцыяй вінаробства ў Чэшскай Рэспубліцы, якая, хоць і менш вядомая за традыцыю вырабу піва, прапануе свету выдатнае віно розных відаў.
Мерапрыемства прайшло вельмі паспяхова і стала ўдалым працягам прэзентацыі віна з Маравіі, якая адбылася ў пасольстве ў кастрычніку 2025 года.